Пра крамольнага гнома



Крамольны гном аказаўся яшчэ той істотай. Стаяў на падваконні. І не проста так. А з бел-чырвона-белым сцяжком. Уяўляеце? Вы думаеце проста так стаяў? А вось міліцыянты лічаць, што гэта адзіночны пікет. Уяўляеце, а калі б там многа гномаў было? Дык іх бы за мітынг палічылі!

У Гародні адбываецца суд над Юрыем Ярашам за дэкаратыўнага гноміка са сцяжком у вакне. Супрацоўнікі міліцыі раней склалі пратакол на мужчыну. Маўляў, Юрый Яраш выставіў дэкаратыўнага гнома са сцягам на ўсеагульлны агляд. Гэта, на думку сілавікоў, з’яўляецца пікетам. Калі так далей пойдзе, дык міліцыянты пачнуць пратаколы складаць за дамавікоў і русалак.

Гноміка ў вакне спачатку сфатаграфавала адна жанчына, вядомая ў горадзе сваёй нелюбоўю да белага і чырвонага. Яна нават распавяла на судзе, што з’яўляецца арганізатаркай акцыі “Антывандал”, мэта якой шукаць незарэгістраваную сімволіку. І больш за тое, акцыя гэтая ўзгодненая з ідэалагічным аддзелам адміністрацыі горада! Што ж: гномік-вандал з незарэгістраванай сімволікай знойдзены. Спадзяемся, жанчына-сведка, якая не любіць усё белае і чырвонае, не запатрабуе асінавы кол для цацкі. Затое мы цяпер дазналіся, чым займаецца міліцыя. Вось такія антывандальшчыцы перад выездам папярэджваюць міліцыю. Так што міліцыя Беларусі цяпер спецыялізуецца на змаганнях з гномікамі. У прынцыпе іх зразумець можна: гномік у адказ не ўдарыць, ад яго добра пахне і ўвогуле ён сімпатычны. Гэта вам не з сапраўднымі злачынцамі змагацца.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ