Пра “Лебядзінае возера”



30 гадоў таму беларусы прачнуліся – і ўбачылі па ўсіх тэлеканалах балет “Лебядзінае возера”. У сучасную эпоху інтэрнэту і месенджараў цяжка паверыць, але балет Чайкоўскага паказвалі па савецкім тэлебачанні тады ажно тры дні. Кампазітар Пётр Ільіч, відаць, здзівіўся б, як ягоны зусім непалітычны твор стаў настолькі палітычным праз амаль сто год. Народная прыкмета тых часоў: калі па тэлевізары паказваюць “Лебядзінае возера”, значыцца, нешта здарылася. І сапраўды, калі памёр Брэжнеў, па тэлеканалах паказвалі “Лебядзінае возера”. Памёр Аднропаў і Чарненка – зноў “Лебядзінае возера”. Уяўляеце, якая трагедыя была для школьнікаў тых часоў. Не, не праз тое, што памёр чарговы кіраўнік савецкай дзяржавы, ці, як іх тады называлі, генсек. А таму што мультфільмы не паказвалі, а толькі “Лебядзінае возера”.

30 гадоў таму беларусы глядзелі “Лебядзінае возера” ў дзяржаве, якая праз паўгода распалася. У перапынках, паміж балетам паказвалі звароты ГКЧП – органа ўлады Савецкага саюзу, які праіснаваў напэўна найменш з усіх органаў савецкай улады. Цэлыя чатыры дні. За гэты час ГКЧП паспеў увесці надзвычайнае становічша, прыпыніць дзейнасць партый і грамадскіх арганізацый, увесці забарону на сходы, дэманстрацыі і страйкі, увесці цэнзуру ў СМІ. Народ у адказ выйшаў на акцыі пратэсту, а войска адмовілася выконваць загады ГКЧП. Так “Лебядзінае возера” займела шчаслівую канцоўку, а ГКЧП абвясцілі распушчаным.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ