Пра мабілізацыю школьнікаў на бульбу
Саміведаецехто загадаў усіх мабілізаваць на збор ураджаю, у тым ліку студэнтаў і навучэнцаў школ. Нядаўна пра тое, што трэба школьнікаў і студэнтаў адправіць на бульбу, заяўляла таксама і спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Што ж такое здарылася, раз тых няшчасных школьнікаў і студэнтаў у разгар вучобы хочуць адправіць на палі. Усё проста: грошы вельмі патрэбныя. Для беларускай сельгаспрадукцыі адкрыліся рынкі Расеі і Кітая. Саміведаецехто прама і заявіў, што для сельскай гаспадаркі адкрыўся неахопны рынак Расеі і Кітая. То бок навучэнцы і студэнты замест вучобы будуць бясплатна бульбу з буракамі збіраць. А грошы за гэта будуць атрымліваць улады. Добры бізнэс. То бок у Еўропе на збор ураджаю фермеры наймаюць людзей з розных краін. А ў Беларусі гэтага можна і не рабіць. Тут ёсць бясплатная школьная і студэнцкая сіла. Англійская, матэматыка, беларуская – забудзьцеся на гэта: у Беларусі – збор ураджаю.
А яшчэ саміведаецехто абурыўся тым, што ў некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў за сельскагаспадарчых работ. Маўляў, як можна выхоўваць дзяцей без гэтага. Не, гэта, канешне, тая сфера, куды трэба лезці кіраўніку краіны. У нас жа ва ўсім астатнім усё добра. Імідж у краіны цяпер ніжэй за плінтус, а саміведаецехто абураецца школамі, адкуль не пускаюць школьнікаў на сельгаспрацы. А можа быць, школы з бацькамі самі вырашаць гэтае пытанне. Як той казаў, у чужой бажніцы свечкі не папраўляй. Ды і на фоне закрыцця прыватных школ заяўка пра адпраўку дзяцей на ўборку ўраджаю выглядае асабліва цынічна. А ўвогуле спадзяюся настане той час, калі аграрыі будуць займацца сваёй работай, школы – сваёй, а чыноўнікі – сваёй.