Пра малацікавае афіцыйнае свята
І Ленін ужо даўно не малады. І юны кастрычнік даўно ужо лістапад. І ўвогуле значок акцябронка для беларускіх школьнікаў 4 рублі каштуе. Беларусь застаецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль афіцыйна святкуецца 7 лістапада. Сімвалам павагі да традыцый называюць гэты дзень улады. Шкада, што сімвалы павагі абмяжоўваюцца савецкім перыядам. А ўжо да ўсяго беларускага дык і ўвогуле няма аніякай павагі. Вунь нават Таварыства беларускай мовы ліквідавалі, якое яшчэ ў 1989 годзе ўзнікла. Тут чамусьці павагі да родных традыцый няма аніякіх.
Затое камуністы ўсклалі кветкі да помніка Леніну. І ніхто ім не перашкаджаў, ніхто не затрымліваў. І большасць у разгар каронавірусу былі без масак. Відаць, спадзяюцца, што іх абароіць вечна малады Ленін. Сёлета 7 лістапада, дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, прыпала на выходны. А таму, акрамя камуністаў, пра яго ўсе забыліся. Што гэта за дзядзька стаіць на ўсіх плошчах, маладое пакаленне ўжо і не ведае. Аднак нават калі 7 лістапада прыпадае на будні дзень і ўсе гуляюць, то ўсё ўспрымаюць гэта як звычайны выходны. А не нейкі дзень вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі. Тым болей для многіх прадстаўнікоў 2000-х застаецца незразумелым, чаму кастрычніцкай, калі на дварэ лістапад. Для цяперашняй моладзі Хэллоўін з ягонай папсовай і яркай атрыбутыкай гарбузоў і вясёлых чэрапаў ды ведзьмаў куды болей зразумелы, чым дзень 7-га лістапада са змрочнымі чырвонымі сцягамі і дзядзькам нябожчыкам, якога дагэтуль пахаваць не могуць.