Пра Мінкульт і сучаснае мастацтва



Нялёгка быць дырэктарам цэнтра сучаснага мастацтва ў Беларусі. З аднаго боку, трэба неяк гэтае мастацтва дэманстраваць у краіне, якая недалёка адышла ад саўка. Цяжка патлумачыць аматарам піянераў і акцябрат, для чаго патрэбныя ўсе гэтыя Банкі з супам Кэмпбелл Эндзі Уорхала ці інсталяцыя паўголага Садама Хусэйна ў акварыуме з фармальдэгідам у выкананні Давіда Чэрні.  А з другога боку, дырэктару цэнтра сучаснага мастацтва ў Беларусі трэба даказваць усім гэтым чыноўнікам з барсеткамі і чыноўніцам з начосамі, што нічога кепскага ў сучасным мастацтве няма. Нават калі гэта “Дзярмо мастака” П’яро Мандзоні ці брудны ложак Трэйсі Эмін. Аднак сучаснае мастацтва на тое і сучаснае мастацтва, каб быць скандальным. І як бы не спрабавалі балансаваць, а скандал рана ці позна здарыцца. Як тое і адбылося ў Менску. Мастак Аляксей Кузьміч прыйшоў на адкрыццё выставы цалкам голы, павесіўшы на тое самае месца шыльду з надпісам “Міністэрства культуры”. Такім чынам мастак пратэставаў супраць цэнзуры.

Аляксей Кузьміч заявіў, што яго запрасілі на выставу, але некаторыя ягоныя работы не дазволілі. У выніку мастак прыйшоў на адкрыццё выставы голым у плашчы, які потым скінуў. Напярэдадні мастак напіўся віагры. А на тым самым месцы прымацаваў шыльду з надпісам “Міністэрства культуры”. “Як яна трымаецца?”, – задалася пытаннем жаночая частка гледачоў і інтэрнэт-карыстальнікаў. “А калі б мужчына быў з пузікам, як бы ўсе адрэагавалі на перфоманс?”, – зацікавіліся мужчыны. І толькі дырэктару цэнтра сучаснага мастацтва было не да смеху.  Ён не толькі назваў мастака неталенавітым, але і паскардзіўся, што быў скіраваны на тое, каб дзяржава паварочвалася да сучаснага мастацтва, а цяпер зноў давядзецца даказваць, што мастакі добрыя і рахманыя. Трэба нагадаць, што ў 19 стагоддзі і карціну “Вялікая  адаліска” Жана Энгра публіка назвала абразлівай. А ў 20 стагоддзі слоікі з дзярмом Мандзоні таксама не ўсім спадабаліся, затое нядаўна адзін з іх прадалі на аўкцыёне за 275 тысячаў еўра. А ўвогуле голы Аляксей Кузьміч з шыльдай на тым самым месцы з надпісам “Міністэрства культуры” хоць неяк разгайдаў беларускае балота. І самае цікавае, што на шыльдзе магло быць напісана любое Міністэрства (хоць адукацыі, хоць інфармацыі).

Беларускае Радыё РАЦЫЯ