Пра нашу вар’ятню



Не шукайце логікі там, дзе яе няма. Дзеянні беларускіх уладаў цяжка назваць адэкватнымі. Кожны дзень – нешта новае. І кожны раз не пакідае адчуванне, што мы ўсе знаходзімся ў палоне нейкіх вар’ятаў.

У Менску затрымалі журналістаў, якія асвятлялі студэнцкую акцыю. І што вы думаеце? У судзе сведкам, як заўжды, быў прадстаўнік сілавых структур. Мужчына з сярэдняй адукацыяй заявіў, што затрыманы журналіст нібыта каардынаваў дзеянні пратэстоўцаў, бо ў яго была камізэлька з надпісам «прэса». Цяжка патлумачыць лагічны ланцужок, які выбудаваў міліцыянт. Але затое мы даведаліся, што яны ўмеюць чытаць.

У Беларусі пачалі пратэст студэнты. У адказ – у некаторых універсітэтах з’явіліся супрацоўнікі АМАПу. Рэктараты гэтых ВНУ у адказ на гэта адказалі цішынёй. Гэта студэнты, нядаўнія дзеці, патрабавалі прыбраць АМАП з універсітэтаў і крычылі ім «Прэч», а вось дарослыя і са ступенямі рэктары і прарэктары на сілавікоў у балаклавах ніяк не адрэагавалі. Ну, затое АМАПаўцы ўбачылі, як выглядаюць універсітэты.

Беларускія ўлады паказалі, што яны думаюць пра IT-сферу. На офісе IT-кампаніі PandaDoc і ў некаторых супрацоўнікаў адбыўся ператрус. З такімі падыходамі ў Сінявокай хутка праграмістаў не застаецца. Хаця што яшчэ чакаць ад краіны, дзе адключаюць інтэрнэт.

Затое міністр Макей прыгразіў краінам Балтыі асіметрычнымі санкцыямі. Праўда, не патлумачыў, якімі менавіта. Відаць, адключаць там беларускія тэлевізійныя каналы. Лепей бы падумаў пра імідж краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ