Пра настаўнікаў-патрыётаў
Пра такіх гавораць: наперадзе планеты ўсёй. А можна ж было проста не заўважыць. Памятаеце, нядаўна праходзіла інфармацыя пра тое, як жартаўнік ад імя каардынатара дыялогавых пляцовак адправіў у школы фейкавы ліст з патрабаваннем абмеркаваць праўкі ў канстытуцыю. І школы адразу ж, без лішніх пытанняў адсправаздачыліся, што абмеркаванні правялі. І нават даслалі ў пацверджанне фота. Самае цікавае, педагогі нават не пацікаваліся, ці існуе той чалавек, ад каго прыйшоў ліст. Не даведаліся настаўнікі, ці насамрэч існуюць тыя каардынатары дыялогавых пляцовак. Педагогі проста ўзялі і скінулі фота абсалютна невядомаму чалавеку. Цікава, а калі б іх папрасілі па 100 рублёў скінуць на патрэбны дыялогавых пляцовак, то яны б таксама адправілі без удакладнення што і каму?
І вось цяпер невядомыя разаслалі ліст у школы, нібыта ад “Белай Русі” з патрабаваннем правеслі акцыю за рэферэндум. І беларускія настаўніцы зноў адразу кінуліся выконваць патрабаванне. Гэта ж не настаўніцы з настаўнікамі, а нейкія тэрмінатары, якія робяць усё, што ад іх патрабуе кампутар. Дарэчы, што хацелі сказаць сваёй акцыяй настаўнікі, цяжка разабрацца. На фотаздымках стаяць па тры чалавекі з аркушамі паперы ў руках. Першыя два настаўнікі трымаюць аркушы з двума крыжыкамі, а трэці – з надпісам “Не і не назаконным патрабаванням”. І вось што азначаюць гэтыя крыжыкі? Што трэба ў бюлетэні два крыжыкі ставіць? Ці што яны будуць абараняць рэферэндум з крыжыкам у руках? Карацей, як той казаў, без бутэлькі і не разбярэшся.