Пра натоўпы турыстаў, якіх няма



Сардэчна вітаем у Беларусі. Толькі спачатку зарэгіструйцеся, калі плануеце быць у Беларусі больш за 5 дзён. А таксама выкладзіце кругленькую суму грошай, калі плануеце ездзіць па Сінявокай на сваёй машыне. А калі плануеце ехаць кудысьці далей за Менск і абласныя цэнтры, то майце на ўвазе, што харчавацца вам давядзецца сасіскамі з крамы, бо нармальных кавярняў у рэгіёнах практычна няма. Карацей, пасля такіх умоваў, калі хтосьці думае, што турысты да нас паедуць натоўпамі, то ён памыляецца.    

“Быў я ў вашай Беларусі – болей не хачу. 200 даляраў толькі за карыстанне дарогамі”, – сказаў нам адзін жыхар паўднёвай часткі Украіны. І як паказвае статыстыка, украінцы не вельмі імкнуцца патрапіць у нашую краіну. У мінулым годзе арганізацыі, якія ажыццяўляюць турыстычную дзейнасць, прынялі ўсяго трошкі болей за 1% жыхароў Украіны. Для параўнання, з Расейскай Федэрацыі прынялі больш за 56%. Але і без статыстыкі зразумела: турыстаў у нас вельмі мала, бо на вуліцах вельмі рэдка можна пачуць мову іншых краінаў. А ў рэгіёнах дык увогуле на замежніка будуць глядзець як на іншапланетніка. Многія беларусы ангельскую мову чулі толькі ў школе ад настаўніцы па ангельскай. І бязвіз тут сітуацыю не выратаваў.

Не бягуць да нас замежнікі. А тыя нешматлікія, якія прыязджаюць, могуць сутыкнуцца з праблемамі. Так здарылася з жыхаром Вялікабрытаніі, які, пабыўшы ў Менску, накіраваўся на цягніку ў Львоў. Але беларускія памежнікі знялі ангельца з цягніка, паколькі не знайшлі ў таго рэгістрацыі, якая павінная быць у тых, хто спыняецца болей, чым на 5 дзён. Жыхар Вялікабрытаніі рэгістрацыю насамрэч прайшоў анлайн. Але высветлілі гэта нашы ахоўнікі мяжы толькі праз гадзіну, калі цягнік замежніка ўжо з’ехаў. І што вы думаеце потым сказалі нашыя памежнікі? Выбачаліся? Не. Яны сказалі, што сам вінаваты, што не сказаў. Праўда, замежнік і не мог сказаць, бо не размаўляе па-руску. Іншае пытанне: няўжо сярод памежнікаў не знайшлося таго, хто б мог госця распытаць па-ангельску? Усё-такі не па-кітайску той размаўляў. У любым выпадку, падобнае здарэнне наўрад ці дадасць турыстаў для нашай краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ