Пра нацыю экстрэмістаў
Тэлеграм-каналы Nexta і лагатып прызнаныя экстрэмісцкімі. І адразу ж каля 2 мільёнаў карыстальнікаў гэтых каналаў таксама сталі экстрэмістамі. То бок, калі паглядзець на затрыманні падчас акцый пратэсту і прысуды затрыманым, то ў нас дзясяткі тысяч людзей – проста нейкія злодзеі, якіх трэба ізаляваць ад грамадства. А цяпер яшчэ сталі не проста злодзеямі, але яшчэ і экстрэмістамі.
Дарэчы, як выдумаеце, хто падаў заяву, каб інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала Nexta была прызнаная экстрэмісцкай? Думаеце абураныя грамадзяне? Не! Грамадзянскую справу суд разгледзеў па заяве Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. То бок той самы ГУБАЗіК МУС, супрацоўнікі якога б’юць шыбы ў кавярнях і затрымліваюць пратэстоўцаў. Самае цікавае, што раней рашэнне суда аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі можна было абскарджваць у 15-дзённы тэрмін. Але ў выпадку з Nexta такой мажлівасці не прадставілі і рашэнне трэба выконваць адразу. Так што цяпер за захаванне інфармацыйных матэрыялаў Nexta, а таксама за іхні перапост прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу. А самае галоўнае, у выглядзе канфіскацыі прадмета і сродку правапарушэння. Груба кажучы, перапосціў інфу ад Nexta – атрымай штраф ад 50 да 500 базавых і развітайся са сваім тэлефонам ці кампом. Думаеце, яны гэтага не зробяць? Зробяць і яшчэ як. Не дзеля таго, канал і лога прызнавалі экстрэмісцкімі.