Пра навіны з нашага дурдому
Цікава, калі ў Сінявокай забароняць дыхаць? Вось бчб даўно негалосна забаранілі. “Пагоню”, нягледзячы на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, таксама. Белыя і чырвоныя колеры таксама выклікаюць падазрэнні. А вось цяпер узяліся за польскую мову. У Смаргонях пракуратура запытала ў прыватнага моўнага цэнтра спісы тых, хто выкладае і вывучае польскую мову. Прычым трэба прадаставіць нават спісы непаўналетніх студэнтаў. Сярод інфармацыі, якую патрабуе пракуратура, – анкетныя дадзеныя выкладчыкаў, парадак аплаты і копіі плацёжных дакументаў, копіі адукацыйных праграм. І ведаеце, як тлумачыць свой запыт пракуратура? Тым, што з’явілася патрэба. А самае цікавае, што, паводле “Закона аб пракуратуры”, існуе абавязальнасць выканання патрабавання пракуратуры. Цікава, а калі наступным разам пракуратура запатрабуе пінкоды ад банкаўскіх картак у сувязі з патрэбай, якая з’явілася? Ці скажа на галаве хадзіць у сувязі з патрэбай, якая з’явілася.
Дарэчы, раз ужо такая цікаўнасць да польскай мовы, то, можа, пракуратуры і паланізмы забараніць у мове. Ну, так, у сувязі з патрэбай, якая з’явілася. Цяпер скажыце ў краме “Калі ласка, пончык з павідлам” – і ўсё: пракуратура зацікавіцца, бо пончык і павідла – паланізмы. А ўвогуле, калі так далей пойдзе, то пракуратура забароніць ужываць словы герб, веньзель, зразы, слодыч і многа іншых запазычаных з польскай мовы словаў. І патлумачыць гэта патрэбай, якая з’явілася.