Пра не самую лепшую кампанію
У Арганізацыю аб’яднаных нацыяў уваходзяць ажно 193 дзяржавы. Аднак нашая краіна ўмудрылася патрапіць у кампанію дзевятнаццаці не самых лепшых краін. Як той казаў, скажы мне, хто твой сябра, і скажу табе, хто ты.
У ААН прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі пад назвай “Праблема мілітарызацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і гораду Севастопаля, а таксама частак Чорнага і Азоўскага мораў”. Як і варта было чакаць, Беларусь прагаласавала так, як Расея. Увогуле цяжка прыгадаць, калі ў ААН погляд беларускай дэлегацыі не супадаў з расейскай. Хоць кажуць, што такое здаралася. Аднак у плане Украіны і Крыма, Беларусь заўжды галасуе так, як афіцыйная Масква. Затое як лёгка нашых дэлегатам: можна і тэксты рэзалюцый не чытаць. Паглядзеў, што Расея супраць – і так жа прагаласаваў. Пытанне толькі ў тым, што краіны, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі па Крыме і Севастопалю, — не самая лепшая кампані. Гэта такія дзяржавы, як Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Іран, Сірыя, Венесуэла, Нікарагуа, Лаос, Камбоджа, М’янма, Філіпіны, Судан, Зімбабвэ і Бурундзі. З усіх тых, хто прагаласаваў супраць рэзалюцыі па Крыме, хіба што Арменія і Кіргістан – больш-менш. Кіргістан нават называюць адзінай дэмакратыяй у Цэнтральнай Азіі, а Арменія ў класіфікацыі краін па ўзроўню развіцця дэмакратыі ў іх займае 103 месца са 167. Горш за Арменію з гэтым рэйтунгу ў 2018-м годзе былі Камбоджа, Беларусь, Расея, Лівія, Таджыкістан і Саудаўская Аравія. Аднак усе астатнія краіны – адна адной лепей. Зімбабвэ, дзе з’явіцца вуліца Брэжнева. Венесула, дзе перыядычна ўспыхваюць розныя пратэсты і дзе Нікалас Мадура не прызнаецца прэзідэнтам многімі дэмакратычнымі краінамі. І вішанька для торта – Паўночная Карэя, дзе дагэтуль існуюць канцлагеры. Карацей, кампанія яшчэ тая.