Пра небанальны год



Год пачынаўся нестандартна. Шаман з Якуціі абвясціў свой паход на Маскву, каб выгнаць дэмана. Шкада, што яго спынілі. Але беларускі народ на губляе надзеі і верыць у якуцкага шамана. Бо пакуль што менавіта той, каго збіраецца выганяць шаман, патрымлівае беларускага валан-дэ-морта.

2020-ы год сапраўды быў небанальным. Пачалося ўсё з таго, што міністр аховы здароўя абвясціў, што ў нас праблем з каронавірусам няма. Ва ўсіх астатніх краінах уводзілі лакдаўны, а ў нас усё было ў парадку. Год працягнуўся выбарамі. Вось гэта сапраўды быў сюрпрыз. Спачатку здзівілі людзі, якія вылучылі свае кандыдатуры на выбары прэзідэнты. Ад іх гэтага ніхто не чакаў. Потым сюрпрыз падкінулі і самі беларусы. Сюрпрыз для ўладаў, што столькі людзей выказаліся за новую ўладу. Сюрпрыз для саміх беларусаў, што яны такія актыўныя і мужныя, і што анекдоты пра цярплівасць беларусаў – гэта ўжо няпраўда. Сюрпрыз для іншых краін, якія ад беларусаў даўно нічога не чакалі. Гэта быў год яркіх пратэстаў і неардынарных учынкаў. Пратэставаць выходзілі ўсе слаі насельніцтва: рабочыя, жанчыны, лекары, пенсіянеры, інваліды, студэнты. Пратэставалі ў сталіцы і рэгіёнах, у вялікіх гарадах і маленькіх. Ладзілі ланцугі салідарнасці, хадзілі гуляць, змагаліся, ладзілі велапрабегі, займаліся партызнінгам, арганізоўвалі сумесныя святы, здымалі відэазвароты, выходзілі на акцыі пратэсту, страйкавалі, звальняліся. І толькі ўлады ў 2020 былі банальнымі і прадказальнымі. Яны банальна нічога не заўважалі і прадказальна на ўсю актыўнасць беларусаў адказалі рэпрэсіямі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ