Пра небяспечны цягнік



У Менску будзе спыняцца цягнік, які далей паедзе ў анексаваны Крым. Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі. Плануецца, што цягнік Масква-Сімферопаль са спыненнем у беларускай сталіцы пачне ездзіць з 26 траўня. Вялікія аптымісты працуюць ў саюзе турыстычнай індустрыі. Яны, відаць, з тых, хто па-за палітыкай. Перадайце ім, калі ласка, што Расея напала на Украіну. Раптам яны не ведаюць дагэтуль.

Да цягніка Масква-Сімферопаль са спыненнем у Менску ёсць мноства пытанняў і заўваг. Пачынаючы ад маральнага: як можна ехаць у анексаваны Расеяй Крым на адпачынак, улічваючы, што расейскія ўлады і войскі нарабілі ва Украіне. Заўвага прагматычная: улічваючы вайну, адпачынак у анексаваным Крыме можа аказацца вельмі небяспечным. Так і ўяўляецца турыстычная рэклама: начхай на мараль і бяспеку – адпраўляйся ў Крым цягніком. І пытанне, якое цікавіць многіх беларусаў: а як будзе ўвогуле ехаць цягнік Масква-Сімферопаль? Ну, дапусцім, паедзе ён у кругасветную вандроўку праз расейскія землі. А далей што? Як у Крым патрапіць? Вайна. Актыўная стральба. І не падобна на тое, што вайна скончыцца ў хуткім часе. У гэтым выпадку патрапіць у Крым – будзе яшчэй той квэст. „І не забудзьцеся ўзяць з сабой у адпачынак бронікамізэлькі” – так можа гучаць рэклама паездак на цягніку Масква-Сімферопаль.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ