Пра небяспечных лыжнікаў



Для ўладаў Беларусі цяпер небяспечнае многае: белыя і чырвоныя майткі, якія сушацца на балконе, іншыя элементы адзення белых і чырвоных колераў, што бачныя ў вокнах, гномік са сцяжком і нават сцяг Японіі. Цяпер вось чарга дайшла да лыжнікаў. У Маладзечне затрымалі 19 чалавек, якія каталіся на лыжах. Міліцыю выклікалі з мясцовага філіяла “Мінэнерга”. Маўляў, падазроныя людзі сабраліся. Цікава, той, хто здаў лыжнікаў, прэмію атрымае? Небяспечныя аматары лыжаў, паводле МУС, мелі ажно тры бела-чырвоныя парасоны, пагоні, расцяжку са словам “Маладзечна”, напісаным чырвоным на белым фоне і некалькі сцягоў. І зразумела, міліцыя палічыла гэта мітынгам. Не, ну калі адзін цацачны гном са сцягам – гэта пікет. То 19 лыжніўкаў – гэта, канешне, цэлы мітынг. Падумаеш, лыжнікі ў лесе былі. Усё роўна мітынг. Міліцыянты, відаць, пабаяліся, што лыжнікі вожыкаў разбудзяць. Ці пачнуць крумкачоў агітаваць.

Хаця, памятаеце, 10 гадоў таму ўжо забаранялі пляскаць у далоні. А вось цяпер лыжнікі ў лесе выклікаюць падазрэнні. Цяпер, відаць, каб міліцыя паверыла, што ты лыжнік, трэба надзець абавязкова зялёную шапку, у рукі ўзяць афіцыйны чырвона-зялёны сцяг, а яшчэ лепей два. Для надзейнасці. Павязаць піянерскі гальштук. Начапіць значыкі БРСМу і камсамолу. Спяваць афіцыйны гімн. І тое могуць не паверыць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ