Пра небяспечныя шарыкі



Ну, усё. Цяпер можна жыць і спаць спакойна: нашае войска нас абароніць. Абароніць ад цэлых васьмі паветраных шарыкаў. Вось я ўсё жыццё менавіта гэтага і баялася: з’яўлення ў паветры на Беларусяй васьмі паветраных шарыкаў. І вось дзякуючы войскам супрацьпаветранай абароны гэтыя мае страхі не спраўдзіліся. Дзякуй нашым вайскоўцам. Што б мы без іх рабілі. Ляталі б цяпер над нашымі галовамі цэлых восем шарыкаў з бел-чырвона-белым сцягам. А дзякуючы вайскоўцам не лятаюць. Вось я ўсё думала, для чаго ў 2005 годзе лётчыкі ваенна-паветраных сіл усталявалі 15 сусветных авіяцыйных рэкордаў. А гэта, відаць, для таго, каб шарыкі збіваць. Як паведамляе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, дзякуючы дзеянням экіпажаў верталётаў МІ-24 палёт паваетраных шароў быў спынены без ужывання зброі. Вось дзякуй. Вось гэта геройскі ўчынак. Ды яшчэ і без зброі на шарыкі. Цікава, страшна было?

Шарыкі ляцелі з боку Літвы, паведамляе нашае мінабароны. У ведамстве падкрэслілі, што расцэньваюць дадзены інцыдэнт як правакацыю. Нейкая дзіўная рэакцыя сілавых ведамстваў на шарыкі ў нашай краіне. Нешта зусім не любяць нашыя міліцыянты і вайскоўцы шарыкі. У паветры іх палёт спыняюць, на зямлі людзей з шарамі затрымаліваюць.

А яшчэ ў мінабароны апраўдваюцца. Што бяскрыўдныя шарыкі нібыта неслі ў сабе пагрозу для палётаў. Вось трэба забараніць, каб на любыя святы ў Беларусі запускалі шарыкі ў неба. А тое вось так пазапускаюць, а войску потым разбірайся з гэтай пагрозай і небяспекай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ