Пра новую характарыстыку работнікаў



Зацверджаная новая форма характарыстыкі кіраўнічых органаў і работнікаў арганізацый. І цяпер там будзе не толькі пра прафесійныя і дзелавыя якасці работніка. Паводле новай формы характарыстыкі, трэба будзе абавязкова (заўважце, абавязкова!!!) указваць стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу. А самае галоўнае, у новай характарыстыцы трэба пазначаць, ці здзяйсняў работнік дзеянні супраць парадку кіравання і грамадскай бясяпекі, а таксама пра наяўнасць антыдзяржаўных праяваў работніка на працоўным месцы. Крута! А чаго спыніліся. Трэба было адразу ўвесці, каб у характарыстыцы пісалі: вораг народу/ не вораг народу. І не трэба было тады выдумляць пра стаўленне ці антыдзяржаўныя праявы. Сэканомілі б шмат часу для тых, хто будзе складаць гэтыя харктарыстыкі.

Хаця ўвогуле цікава, як будзе ўплываць на хаду працы пазначэнне таго, як чалавек ставіцца да дзейснага ладу. Цяпер, атрымліваецца, можна ўзяць на працу і без адпаведнай адукацыі. Галоўнае, каб было лаяльнае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. І, канешне, каб ніякіх антыдзяржаўных праяваў не было. Цяпер, відаць, актывістаў будуць браць на працу не вельмі ахвотна, ці ўвогуле не будуць браць. Ну, не проста так жа ў новай форме характарыстыкі ўводзяць пункт пра антыдзяржаўныя праявы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ