Пра новую спробу дагнаць Амерыку



У сярэдзіне 20 стагоддзя савецкія ўлады абвяшчалі, што дагоняць і абгоняць Амерыку за тры гады па вытворчасці мяса, малака і масла. З тых часоў прайшло больш за шэсцьдзясят год, распаўся Cавецкі Cаюз, а некаторыя дагэтуль усё спрабуюць дагнаць і абагнаць Амерыку. Цяпер, праўда, не ў мясе, а ў культурнай сферы.

На расейскім тэлеканале НТВ вырашылі акрамя фільмаў пра мянтоў і спецслужбы паказаць фільм пра Чарнобыль. Асабліва пачалі гаварыць пра гэты фільм пасля таго, як на амерыканскім тэлеканале HBO паказалі серыял “Чарнобыль”, які прызнаны лепшым у гісторыі. Паводле рэйтынгу IMDb, замежны міні-серыял займае першы радок у спіcе 250 лепшых тэлесерыялаў, абагнаўшы нашумелую “Гульню тронаў”. І вось цяпер у Расіі закрычалі, што ў нас таксама ёсць серыял “Чарнобыль” і што прыдумалі мы яго раней, проста HBO раней паказаў свой фільм. У хуткім часе на НТВ плануецца паказаць серыял “Чарнобыль”. І як вы думаеце, хто там галоўны герой? Ліквідатар? Не. Падпалкоўнік ваеннай контрвыведкі. Сапраўды, як гэта на НТВ пакажуць фільм пра звычайнага ліквідатара, які пацярпеў ад бяздарнага савецкага кіраўніцтва. Не, галоўны герой там КДБшнік, які змагаецца з супрацоўнікам ЦРУ, які знаходзіцца на тэрыторыі ЧАЭС, каб вывезці ўзор савецкага ядзернага паліва. Карацей, такое адчуванне, што ў расейскім серыяле пра Чарнобыль будзе нагадваць толькі назва. А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым: няхай НТВ усе фільмы пераздыме, каб галоўным героем стаў супрацоўнік КДБ. Напрыклад, галоўная гераіня “Унесеных ветрам” – супрацоўніца контрвыведкі, якая змагаецца з ЦРУ, якія прыехалі на поўдзень Амерыкі. Ці ў “Гульні тронаў” насамрэч Вестэрос на сцяне ахоўвалі не Начны Дазор, а КДБ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ