Пра новы сродак папаўнення бюджэту
Улады Беларусі знайшлі новую катэгорыю грамадзян, з дапамогай каго можна папоўніць бюджэт. Гэтым разам абабраць вырашылі дызайнераў і мастакоў. Іх збіраюцца пазбавіць ільготаў на арэнду майстэрняў. Такое адчуванне, што мастакі ў Беларусі – самыя багатыя людзі.
Камітэт дзяржкантролю праманіторыў творчыя майстэрні беларускіх мастакоў і дызайнераў. Вынікі гэтай праверкі – несуцяшальныя. Мастакоў пазбаўляюць права на ільготы. Напрыклад, у майстэрні вядомага мастака Уладзіміра Цэслера знайшлі ложак. Пасля гэтага яму арэнду паднялі ажно ў чатыры разы. Маўляў, нямэтавае выкарыстанне. І цяпер мастаку давядзецца плаціць у месяц не 400 даляраў, як раней, а 1,5 тысячы.
Хаця чаго можна было чакаць ад чыноўнікаў з камітэта дзяржкантролю. Па-першае, ім які загад далі, так яны і зрабілі. Як у войску. А па-другое, тыя чыноўнікі з камітэта дзяржкантролю можа ніколі на выставы не хадзілі. Для іх вяршыня мастацтва – гэта рэпрадукцыя з савецкага часопіса “Работніца” кшталту “Бурлакі на Волзе” ці “Раніца ў сасновым лесе”. Таму для беларускіх чыноўнікаў сучаснае мастацтва – гэта штосьці з іншага свету. Яны хутчэй ільготы прадаставяць іншапланетнікам, у якіх павераць пасля прагляду чарговай псеўданавуковай перадачы па тэлевізары, чым беларускім мастакам, якім жывецца несалодка ў Беларусі.