Пра новыя абмежаванні для актыўных грамадзян



У закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” збіраюцца ўнесці змены. І самае галоўнае з іх – абмежаванне на выезд для тых, у дачыненні каго вядзецца адміністрацыйны працэс. Канешне, гэта не будзе датычыць тых, хто не набыў, напрыклад, талончык. “Сённяшнія рэаліі патрабуюць мер, якія забяспечваюць бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы”. – Патлумачыла наконт змяненняў, не паверыце, хто. Так сказала член Пастаяннай камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Людміла Здорыкава. Вось дзіўнае разуменне правоў чалавека ў члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека. Нейкія правы чалавека не для ўсіх. Выезд абмяжуюць за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання. А гэта вядомыя ўсім артыкулы для грамадска актыўных беларусаў. Сярод якіх, напрыклад, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Улады Беларусі баяцца, што выезд ненадзейных беларусаў можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам.

Жалезная заслона ў Беларусі ўсё бліжэй. Праўда, заслона пакуль будзе выбарачнай. Як вы зразумелі, набліжаных да цела імператара і лаяльных яна не будзе датычыць. А вось усім іншым могуць забараніць выезд за мяжу. Сінявокая нейкімі сямімільнымі крокамі ідзе ў кірунку Сіньдзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна КНР. Яшчэ трохі і беларусам, як уйгурам, для таго, каб увайсці ў бальніцу, банк, парк ці выйсці па-за межы квартала, трэба будзе спыніцца каля адмысловага кампутара, які будзе сканаваць чалавека, рэчы, рабіць фота, правяраць смартфоны, выяўляць ступень лаяльнасці і ці была судзімасць.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ