Пра новыя працоўныя месцы ў школах



Ну ўсё, пытанне з працаўлакаваннем былых міліцыянтаў і прадстаўнікоў іншых сілавых ведамстваў вырашанае. У школах плануюць увесці штат ахоўнікаў. І хоць у Міністэрстве адукацыі запэўніваюць, што ахоўнікі не абавязкова мусяць быць міліцынтамі, але ж мы ведаем, каму будзе адддадзеная перавага насамрэч. Асабліва, калі будуць распрацаваныя яшчэ нейкія дадатковыя патрабаванні. У любым разе, калі ўлічыць, што ў Беларусі налічваецца болей за тры тысячы школаў, то пры ўвядзенні штату ахоўнікаў нават з двух чалавек з’явіцца як мінімум 6 тысячаў працоўных месцаў. Інфармацыя, на першы погляд добрая, але дзе ўзяць дадатковыя сродкі на ўтрыманне штату ахоўнікаў. Лепей бы заробкі настаўнікаў паднялі ды пазбавілі іх ад непатрэбнай працы, а не ўводзілі ахоўнікаў. Хаця з іншага боку, улічваючы, што ў школах колькасць мужчын імкліва зніжаецца, ва ўстановах адукацыі хоць з’явяцца асобы мужчынскага полу. Зноў жа будзе каго пазваць на замену настаўнікаў фізкультуры ці працы, калі раптам што.

Акрамя штату ахоўнікаў у школах можа з’явіцца і намеснік дырэктара па бяспецы. Хутка гэтых намеснікаў у дырэктароў будзе болей, чым вучняў у школах. Намеснік дырэктара па ідэалогіі, па бяспецы. Можна яшчэ ўвесці пасаду намесніка дырэктара па захаванні існага рэжыму, па сталоўцы, па сувязях з іншапланетнікамі… Увогуле абарона дзяцей у школе – гэта нармальна. Аднак так, як у нас усе адбываецца, дык хутчэй варта чакаць “закручванне гаек”, чым стварэнне рэальнай аховы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ