Пра нязручныя Еўрапейскія гульні



Як добра, што Еўрапейскія гульні не праходзяць у іншых беларускіх гарадах. Замест іх грошы маглі б пайсці на што-небудзь карыснае. Як падлічылі журналісты, грошай, выдаткаваных на Еўрапейскія гульні, хапіла б на 3 лякарні ці 720 машын хуткай дапамогі. Апошнія асабліва б спатрэбіліся ў рэгіёнах, дзе машыны хуткай дапамогі не тое, што кепска абсталяваныя, яны перасоўваюцца з дапамогай нейкага цуду.

Можна толькі паспачуваць сталічным жыхарам, якія нязручнасці ім давядзецца цярпець у сувязі з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў. Гульні яшчэ не пачаліся, а жыхары сталіцы ўжо выказалі сваю незадаволенасць. Спярша сталася вядома, што на момант правядзення спартовых мерапрыемстваў не будуць працаваць некаторыя прыпынкі грамадскага транспарту ў цэнтры сталіцы. І гэта не на дзень ці да два. А ажно на 13 дзён. Уладам могуць падзякаваць усе, хто па дарозе на працу выходзіў на прыпынках „Палац Спорту” на праспекце Пераможцаў ды “Станцыя метро Кастрычніцкая” на праспекце Незалежнасці. Людзям, якія раней выходзілі на гэтых прыпынках, каб дабрацца да працы, давядзецца падкарэктаваць свае маршруты. А яшчэ Полымя міру, якое прывезлі ў Менск напярэдадні правядзення Еўрапейскіх гульняў, пераўтварылася ў полымя раздору. Бо для таго, каб правесці ўрачыстую эстафету, перакрылі ўвесь цэнтр Менска. У 30-градусную спёку гэта было вельмі своеасаблівае, а галоўнае, своечасовае рашэнне. Пастой у заторах. Адчуй увесь смак Еўрапейскіх гульняў у Менску.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ