Пра падарунак ад уладаў Беларусі
Я мсцю і мсця мая страшна. Улады Беларусі вырашылі, відаць, каб кепcка было ўсім. Згарэў сарай, гары і хата. Такі генератар праблем для беларусаў. Вось цяпер вырашылі біць рублём па тых, хто з’ехаў. Кшталту, думалі, што з’ехалі і праблем не будзе. Будуць. Савет міністраў унёс змяненні ў дакументы, прынятыя для рэалізацыі так званага дармаедскага закону. Цяпер аплата за камуналку для тых, хто з’ехаў і не плаціць падаткі на радзіме, будзе налічвацца ў поўным аб’ёме. Відаць, доўга думалі, як гэта адпомсіць эмігрантам і рэлакантам. І вось прыдумалі: а плаціце вы за камуналку па поўнай.
Ад 31 сакавіка 2022 года рэлаканты і эмігранты, якія не плацяць падаткі ў Беларусі, мусяць аплочваць камуналку цалкам. Вось толькі што цяпер рабіць з пазбяганнем падвойнага падаткаабкладання? І што рабіць, калі адсутнічаеш у краіне болей за 183 дні? Раней у дадзеным выпадку плаціць падаткі не трэба было, паколькі падатковымі рэзідэнтамі лічацца фізічныя асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі болей за 183 дні ў год. Аднак аўтаматычна такія падатковыя нерэзідэнты становяцца дармаедамі і мусяць аплочваць камуналку ў поўным аб’ёме. Ад уладаў Беларусі ўжо даўно нічога добрага не чакаеш. Дарэчы, калі расейскія войскі прабудуць у Беларусі да лета, то яны аўтаматычна становяцца падатковымі рэзідэнтамі. Вось цікава, будуць ад іх патрабаваць запаўненне падатковай дэкларацыі?