Пра падарункі ад уладаў



У Новым годзе ўлады Беларусі падрыхтавалі для народа некалькі падарункаў. Як вы самі здагадаліся, добрых падарункаў ад уладаў чакаць не выпадае. 

У Беларусі паднялі падатак для айцішнікаў. Пасля адключэння інтэрнэту ў 2020-м падвышэнне падатку для айцішнікаў — гэта акурат тое, што трэба рабіць. Пра выбачэнні ўлады не чулі. Затое грошыкі збіраць любяць. Яно і зразумела, трэба ж за штосьці сілавікоў карміць. Стаўка падаходнага падатку для работнікаў кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій вырасла з 9% да 13%. Вось яна помста і за кібер-партызанінг, і за актыўнасць айцішнікаў. І пляваць яны хацелі, што яшчэ тры гады таму ўлады абяцалі спецыяльны прававы рэжым Парка высокіх тэхналогій, у тым ліку, і падатковы, ажно да 2049 года. На дварэ пачаўся яшчэ толькі 2021-ы, а падатковы рэжым ужо змяніўся.

А яшчэ ў 2021 годзе падвысілі падаткі для тых, хто здае кватэры, лецішчы, гаражы і парковачныя месцы. А ў некаторых гарадах падатак падвысілі больш чым на 40%. Як гаварыцца, усё для людзей. Вось такі падарунак ад уладаў Беларусі на Каляды. Хаця іншага ніхто і не чакаў.

А яшчэ ў 2021 годзе адмяняецца дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Мы ўжо думалі ўзрадавацца. Але не атрымалася. Дзяржпошліну даўно ўжо не плацілі многія аўтамабілісты, шчыра не разумеючы, на што ідзе дзяржпошліна. Але рана радавацца. Дзяржпошліну адмянілі, а замест яе ўвялі транспартны падатак. І калі раней, на машыну, што стаяла ў гаражы, нічога не трэба было плаціць. То цяпер падатак павінны плаціць за ўсе машыны. Нават калі яны стаяць без колаў у гаражы. А ў тых, хто не будзе плаціць падатак, аўто арыштуюць. Вось так улады Беларусі павіншавалі сваіх грамадзян са святамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ