Пра падазроных людзей спартовага целаскладу
Памежнікі адмовілі ва ўездзе 595 замежнікам спартовага целаскладу, якія прыбылі з Польшчы, Літвы і Украіны. І гэта праўда. Такую інфармацыю паведаміў БелТА афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Антон Бычкоўскі. Увогуле, апошнімі часамі, калі вайскоўцы ці міліцыя нешта паведамляе, то складваецца ўражанне, што гэта чыйсьці жарт. Вы толькі падумайце: у Беларусь не пусцілі замежнікаў спартовага целаскладу! І гэта праўда. Цікава, якую небяспеку ўлады ўбачылі ў маладых людзях спартовага складу ў эпоху здаровага ладу жыцця. Ці цяпер, каб патрапіць у Беларусь, трэба жывоцік адрасціць, некалькі дзён алкаголь паўжываць? Ну, і потым з перагарам і з жывоцікам можаце патрапіць у Беларусь.
Самае цікавае, улетку ў санаторыі затрымалі 32 мужчыны, якіх беларускія праваахоўныя органы навалі прадстаўнікамі прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер”. Тыя таксама выклікалі падазрэнні, бо не пілі і не гулялі. Толькі ўлетку падазроныя асобы былі з Расеі. А цяпер з Украіны, Літвы і Польшчы. Улетку таксама паведамлялася, што недзе на прасторах Беларусі гуляе яшчэ каля 170 вагнераўцаў. Іх так і не знайшлі. А на тых 32-х забыліся, папярэдне накіраваўшы іх у Расею. Але сутнасць у іншым: абодва разы падазрэнні выклікалі людзі, якія вядуць здаровы лад жыцця і спартовага целаскладу. Так што небяспечна ў Беларусі выглядаць спартова і весці здаровы лад жыцця: улады могуць падумаць, што вы нешта тут рыхтуеце.