Пра пафігізм ва ўрадзе



Дажыліся. Падставай для змены кіраўніцтва ўраду стаў пафігізм. Так-так. Менавіта пафігізм. І гэта не я прыдумала. Так выразіўся саміведаецехто, запатрабаваўшы змяніць кіраўніцтва ўраду. Маўляў, урад не выконвае ягоныя даручэнні, паколькі пафігістычна ставіцца да гэтых самых даручэнняў. Пафігізм – гэта, канешне, круты аргумент. Асабліва крута такі аргумент гучыць з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Сапраўды, для чаго прыдумваць розныя прычыны пра прафeсійную непрыдатнасць альбо пра зрыў нейкай дзяржаўнай праграмы ці невыкананне рэформаў. Электарат такія словы можа і не зразумець. А так сказаў “за пафігізм” – і адразу стаў бліжэй да народу. Цяпер які Пятровіч ці Саныч дакладна зразумее, з-за чаго звальняюць кіраўніцтва ўраду. Бо яны таксама на кухнях размаўляюць прыкладна такой жа лексікай. Што праўда, Саныч ці Пятровіч могуць і да мацернай лексікі звярнуцца. Але ж за лаянку ў публічным месцы можна і адміністрацыйны арышт атрымаць, таму саміведаецехто пакуль абмежаваўся словам “пофіг”. Хаця апазіцыю перад акцыямі пратэсту за лаянку, якую яны не выкарыстоўвалі, на 15 сутак затрымліваюць. А саміведаецехто нават калі б і выкарыстаў мацерныя словы, то яму б дакладна нічога не было б. Хто ж яго пасадзіць, ён жа саміведаецехто!

Мяркую, цяпер піяршчыкам кіраўніка краіны трэба выкарыстоўваць слова “пофіг” у прэзідэнцкай кампаніі. Можа ўвесці такія лозунгі: “За Беларусь без пафігізму”, “За беспафігістычную Беларусь”, “Пабудуем разам нашую краіну без пафігізму”, “Скажы “не” пафігізму”, “Працоўныя Беларусі  – супраць пафігізму”, “Не дамо пафігізму развіцца ў нашых шэрагах”, “Даеш змаганне з пафігізмам”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ