Пра паліцыю колераў



Цікава, а міліцыя займаецца сваімі непасрэднымі функцыямі: а менавіта пошукам злачынцаў? Ці яны цалкам перфарматаваліся і займаюцца цяпер толькі пошукам белых і чырвоных колераў? Такое адчуванне, што цяпер самы галоўны злачынца – гэта белыя і чырвоныя колеры, а не нейкія там гвалтаўнікі ці злодзеі. Штодзень з’яўляецца інфармацыя, як міліцыя кагосьці затрымала за бчб ці “Пагоню”, да кагосьці ўварвалася ў жытло, каб зняць сцягі, дзе ёсць белы ці чырвоны колеры. І няважна, чый сцяг: беларускі, канадскі ці японскі. Усё роўна сцяг адбіраюць, а гаспадара затрымліваюць.

Вось нядаўна затрымалі гаспадара дома, на якім вісела бела-чырвоная шыльда з назвай вуліцы і нумарам дома. Здымаць шыльду прыехала ажно чацьвёра сілавікоў, якія шукалі сімволіку ў лазні, гаражы, хляве і доме. Але нічога не знайшлі. То бок працоўны дзень чацьвярых сілавікоў пайшоў на адну шыльду. А ў гэты час яны маглі б шукаць чыесьці скрадзеныя рэчы. Але пра якія крадзяжы вядзецца гаворка, калі цэлая шыльда з палітычнымі колерамі вісіць на доме.

У Льюіса Кэрала ў “Алісе ў краіне цудаў” ёсць момант, калі стражы пераафарбоўваюць ружы ў чырвоны колер, паколькі памылкова пасадзілі белыя ружы. З тым, як шчыруюць наконт белага і чырвонага колераў сілавікі ў Беларусі пачнуць таксама перафарбоўваць белыя і чырвоныя ружы ў якія-небудзь зялёныя ці сінія колеры. А ўвогуле ў Беларусі, гледзячы па ўсім, прыспеў час стварыць адмысловую паліцыю колераў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ