Пра паляванне на бчб



Нацыянальныя бчб-сімвалы ўлады цяпер шукаюць паўсюль: на пляжах, на вокнах на саміх людзях. Цікава, калі ж усё-такі афіцыйна забароняць чывоны і белы колеры? Калі паглядзець, з якой зацятасцю ўлады шукаюць спалучэнне чырвонага і белага, дык не за гарамі такая забарона. У Менску затрымалі цяжарную жанчыну за белыя і чырвоныя сняжынкі. Да яе а 6 раніцы прыйшлі міліцыянты, затрымалі, потым некалькі гадзін вазілі па горадзе, адвезлі ў РУУС, пасля чаго склалі пратакол і адпусцілі дадому. А цяпер яшчэ раз: да жанчыны на шостым месяцы цяжарнасці ўрываюцца ў дом, забіраюць, возяць некалькі гадзін па горадзе, прычым наўрад ці яна сядзела на мяккай канапе там, пасля ў РУУСе складаюць пратакол. Больш за тое, праз такі ваяж жанчына прапускае прыём лекаў. І за што? За белыя і чырвоныя сняжынкі на акне. Ды няхай будуць хоць шэра-бура-малінавыя. Гэта зусім не падстава для такога стаўлення да цяжарнай, якая не здзейсніла ніякага злачынства.

Самае цікавае, што суддзя запыталася потым у затрыманай, хто ёй даваў дазвол на пікетаванне. Заўважце, яна не спытала, як адчувала сябе жанчына, яна не спытала, навошта ўвогуле было затрымліваць ні ў чым не вінаватую цяжарную, тым самым паставіўшы пад пагрозу стан здароўя будучай маці і яе дзіця. Суддзя спытала пра дазвол на пікет у выглядзе сняжынак на вокнах і аштрафавала яшчэ на 100 базавых. “Справядлівасць”, як той казаў, узяла верх.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ