Пра палявыя працы і пірожаныя
Міністарка працы Ірына Касцевіч параіла ісці на палявыя працы тым, у каго няма працы. У прыватнасці, яна заявіла, што цяпер ідуць сезонныя работы, чалавек можа зарабіць дадатковую капейчыну. Нічога не маю супраць палявых прац, толькі вось слаба ўяўляецца, якую капейчыну можна зарабіць у беларускіх калгасах, якія часта датуюцца дзяржавай. Беларусы, калі і ехалі раней працаваць на сельскагаспадарчыя працы, то ў Еўропу. Аднак, да прыкладу, Велікабрытанія прыпыніла выдачу працоўных віз для грамадзян Беларусі. Так што, сёлета паехаць працаваць на англійскія фермы па зборы клубніцаў, яблык, брокалі і іншай гародніны і садавіны не атрымаецца. А вось адшукаць сезонную сельскагаспадарчую працу ў Беларусі не так ужо і лёгка. Напрыклад, на сайце praca.by я знайшла ўсяго толькі адну вакансію на ўсю рэспубліку “работнік цяпліцы” за 500 рублёў. У абавязкі ўваходзіць клопат за раслінамі і збор ураджаю. І ажно дзве ваканскіі “сельскагаспадарчы рабочы” з заробкам 900 і 1000 рублёў.
Міністарка працы Касцевіч не гаворыць, пра сапраўдныя прычыны няпоўнай занятасці ці прастояў. Не гаворыць яна пра тое, што ў Беларусі выгналі практычна ўвесь IT-бізнэс. Што кіраўніцтва краіны ўвязалася ў авантуру, за ўдзел у якой і ўвялі санкцыі. Што ў Беларусі многіх спецыялістаў арыштавалі, а актыўную частку насельніцтва вымусілі эміграваць. Замест гэтага міністарка працы проста раіць тым, хто згубіў працу ісці на палявы працы. Гэта як у тым гістарычным анекдоце пра каралеву Францыі Марыю Антуанэту, якая параіла сялянам, калі няма хлебу, набываць пірожаныя.