Пра парад
Па хадзе Беларусь будзе не толькі адзінай краінай у Еўропе, дзе не закрылі межы і праводзілі футбольны чэмпіянат у разгар пандэміі, але дзе яшчэ і парад будзе з нагоды Дня перамогі. Нават у Расеі збіраюцца перанесці парад 9 траўня. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на ўласную крыніцу ў Крамлі. Аднак беларускім уладам пандэмія – не перашкода. У нас і футбол ёсць, і парад будзе.
У Расеі спачатку, зразумела, падрыхтавалі грамадскую думку. Гэта ж не нейкі футбол адмяніць. А цэлы парад! Ажно тры арганізацыі ветэранаў звярнуліся з просьбай перанесці парад у Маскве. У Беларусі такіх просьбаў пакуль не бачна. А гэта значыць, што пакуль у нас парад не збіраюцца адмяняць. У Беларусі наадварот ва ўсю ідзе падрыхтоўка. У Менску ноччу рэпетуе рота ганаровага каравулу. Прычым знаходзяцца вайскоўцы зусім не на адлегласці паўтара метра, а блізка адзін да аднаго. Можна сказаць, плячо да пляча. І рэпетуе рота ганаровага каравулу без масак і пальчатак. Можа быць, Міністэрства абароны ведае нейкую вакцыну, невядомую дагэтуль іншаму свету, у тым ліку і беларускім медыкам, раз чхаць хацелі на ўсе меры бяспекі. У любым разе цікава, ці будуць запрашаць ветэранаў на 9 траўня на парад у Менск? І як будуць забяспечваць сацыяльнае дыстанцыяванне на парадзе ў Менску?