Пра парад любой цаной



Цвікі б рабіць з такіх людзей. Толькі вылячыўся ад каронавірусу і пнеўманіі – і адразу на парад. Бізнесовец і сябра выканкама Міжнароднай фэдэрацыі самба Уладзімір Япрынцаў толькі вярнуўся з лечкамісіі. І адразу ж засабіраўся на парад 9 траўня. І гэта пры тым, што ў спартоўца хворыя на каронавірус жонка, дачка і цешча. Тут ужо лепей бы ў валанцёры пайсці, каб дапамагаць медыкам. Ці на скрайні выпадак – у царкву, каб свечку за здароўе паставіць. А Уладзімір Япрынцаў сабраўся на парад. Як падкрэсліў спартовец, што нават калі б не было параду, ён бы ўсё роўна пайшоў, каб ускласці кветкі на плошчу Перамогі. Такое адчуванне, што плошча Перамогі без ягоных кветак кудысьці ўцячэ.

Падавалася, чалавек перахварэў на каронавірус, мусіць ведаць, што масавыя мерапрыемствы – гэта не самае цяпер лепшае. Лепей, каб іх увогуле не было. Бо цікава, якім чынам на парадзе будзе выконвацца сацыяльнае дыстанцыянаванне. У  некаторых краінах дагэтуль рэстарацыі і кавярні закрытыя. А з рознымі парадамі і мітынгамі ўвогуле развіталіся да канца года. Аднак у Беларусі каранціну няма. І Уладзімір Япрынцаў яўна не збіраецца сваім прыкладам паказваць, што трэба заставацца дома. Можа, ён думае, што нельга ў адную і туж ваду ўвасці двойчы? Хаця навукоўцы, падаецца, дагэтуль не вызначыліся, можна захварэць другі раз каронавірусам ці не.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ