Пра пазітыў у дзяржаўных СМІ
Эксперт з дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА параіў, што стаўку ў атрыманні інфармацыі трэба рабіць на буйныя СМІ, якія заслугоўваюць даверу. Эксперт дакладна не сказаў, што гэта за СМІ, але, відаць, меў на ўвазе розныя дзяржаўныя выданні. Думаю, дай пагляджу, што там пішуць у прадзяржаўнай газеце “Беларусь Сегодня”. Зайшла – а там адзін пазітыў. Instagram проста адпачывае. Галоўная навіна – гэта, канешне, працоўная паездка саміведаецекаго ў Смалявіцкі раён. І фотаздымачак для ілюстрацыі: стаяць усе чыноўнікі без масак і пальчатак. Ніякіх каронавірусаў не баяцца. І наступныя галоўныя навіны: у Менску стартавалі рэпетыцыі ганаровага каравулу. Пацяпленне. Вайскоўцы прынялі пад ахову Беларускую АЭС. Турысты вярнуліся. Парашуты бяспечна даставілі да зямлі абломкі кітайскай ракеты. А яшчэ доктар Камароўскі пахваліў Беларусь. Маўляў, ён бы таксама не ўводзіў каранцін. Паглядзіш на такую падборку інфармацыі і думаеш, у якой цудоўнай краіне жывеш. Вакол межы закрытыя, паніка, спрэчкі: што больш важная эканоміка ці жыцці людзей. А ў нас – пазітыў. Можна здымаць маскі і абдымацца з мінакамі. Проста як у тым анекдоце: уключай хутчэй тэлевізар, а тое раптам там пакажуць, як у нас добра жыць, а мы гэта прапусцім.