Пра пікет, якога не было



На жыхара Рэчыцы склалі пратакол і абвінавацілі ў адзіночным пікетаванні. У свеце цяперашніх падзей, на жаль, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Штодзень з’яўляецца інфармацыя, што кагосьці затрымалі. Аднак у дадзеным выпадку ёсць усё ж такі адна акалічнасць, якая здзіўляе. На жыхара Рэчыцы склалі пратакол за фотаздымак, які быў зроблены на дазволеным мерапрыемстве. Прычым тры гады таму. Добра, што яшчэ не тры стагоддзі таму. Участковы склаў пратакол на жыхара Рэчыцы, за тое, што той размясціў у аднакласніках выяву бел-чырвона-белага сцяга. Участковы палічыў гэта адзіночным пікетам, на які не было адпаведнага дазволу. Самае цікавае, тры гады таму на святкаванне 25 сакавіка акурат быў атрыманы дазвол. І жыхар Рэчыцы размясціў фотаздымак са святкавання Дня Волі, зроблены тры гады таму каля Опернага тэатра ў Менску. І размешаны фотаздымак у сацыяльнай сетцы таксама быў тры гады таму. Але на ўчастковага даты ніяк не падзейнічалі. Сказана, што бчб – нельга, значыцца, нельга. А дазволенае мерапрыемства ці не, гэта ўжо ўчастковага не хвалюе. З такімі тэмпамі пратаколы будуць складваць, нават калі фотаздымка ці іншых доказаў не будзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ