Пра пошукі снегу
У гэтым годзе ў Беларусі снегам можна было гандляваць як заморскай ікрой. Маразоў і сняжынак у гэтым годзе так і не дачакаліся. І наўрад ці штосьці зменіцца, улічваючы прагноз надвор’я на бліжэйшыя тыдні. Вясна ў нашай краіне, ды і не толькі ў нашай, наступіць адразу пасля восені. Кліматычная зіма так і не наступіла. І снег адпаведна таксама не з’явіўся. Але чэмпіянат Еўропы па біятлоне правесці хочацца. Акурат Эстонія адмовілася ад правядзення, паколькі там снегу няма. А ў Беларусі яго, канешне, многа. Хоць рыдлёўкай збірай. Настолькі многа, што цяпер даводзіцца думаць, дзе яго назбіраць столькі, каб хапіла біятланістам.
Снегу няма і не будзе. А чэмпіянат Еўропы па біятлоне плануецца. Не па зялёнай жа траве спартоўцам ездзіць. І вось давялося ўключыць адмысловыя міні-фабрыкі па выпрацоўцы штучнага снегу. Адна бяда: каб яны працавалі, трэба каб было мінус тры, а тое і мінус пяць. У іншым выпадку ўстаноўкі выдаюць ваду, а не снег. А чэмпіянат Еўропы будзе ўсё-такі па біятлоне, а не плаванні. Таму снег цяпер шукаюць па ўсёй Меншчыне. Для таго, каб снег з’явіўся, яго будуць забіраць з іншых лыжных трас у Вяснінцы, Лагойску і Сілічах. У Вяснінцы, напрыклад, ужо з’явіліся вайскоўцы, якія ўкладаюць памосты, каб вывозіць снег. Міжнародны саюз біятланістаў выдаткаваў на правядзенне 125 тысячаў еўра. Аднак беларусы ўсё роўна не вераць. Маўляў, у Эстоніі нездарма адмовіліся. Таму ў іх і праезд у грамадскім транспарце бясплатны. А ў нас затое будзе чэмпіянат Еўропы па біятлоне.