Пра прэмію Дарвіна за Сталіна



Прэмія Дарвіна на гэтай сямідзёнцы адпраўляецца ў сталіцу Расейскай Федэрацыі – Маскву. Яе атрымлівае масквіч, які вырашыў павесіць у пад’ездзе партрэт Сталіна.

Падавалася, культ асобы Сталіна яшчэ ў годзе 1956 атрымаў асуджанне. Тагачасны Першы сакратар Прэзідыуму ЦК КПСС Мікіта Хручшоў зачытаў сакрэтны даклад “Пра культ асобы і яго наступствы”. Асуджаўся не толькі культ, але і масавы тэрор і злачынствы другой паловы 1930-х – пачатку 1950-х гадоў. Пасля гэтага пачалася адліга і многія людзі сапраўды ўздыхнулі з палёгкай. Аднак праз 64 гады пасля сакрэтнага дакладу знаходзяцца ўнікумы, якія дагэтуль любяць правадыра, нібыта і не было масавых расстрэлаў, катаванняў і арыштаў. Жыхар Масквы, пенсіянер, вырашыў павесіць у сваім пад’ездзе партрэт Сталіна. Між іншым, масквіч акурат нарадзіўся ў той год, калі і прагучаў даклад Хрушчова “Пра культ асобы і яго наступствы”. Жыхар Масквы ўзяў драбіны і малаток, каб на лесвічнай пляцоўцы павесіць выяву правадыра. Аднак дамайстраваць масквічу не ўдалося. Калі ён ужо збіраўся павесіць партрэт на цвік, то нечакана паслізнуўся і ўпаў з драбін. У выніку падзення атрымаў траўмы галавы. Праз некалькі тыдняў мужчына памёр, а партрэт Сталіна так і застаўся не павешаным на лесвічнай пляцоўцы. Вось так савецкі правадар і пасля смерці працягнуў забіваць. Хаця пенсіянера, канешне, шкада. Мог бы яшчэ жыць і жыць, каб не ягонае захапленне Сталіным.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ