Пра пятыя кропкі сябраў участковых камісій
Ну, усё. Не будзе, відаць, на бліжэйшых выбарах фотаздымкаў пятых кропак чальцоў выбарачых камісій. Як вядома, да гэтага самымі папулярнымі фотаздымкамі з выбараў былі менавіта ілюстрацыі ў стылі, “што бачаць назіральнікі падчас падліку галасоў”. А бачаць яны нямнога: філейныя часткі сябраў выбарчых камісій, якія абступаюць стол, як мурашы цукар. І праз іхнія магутныя хвастцы нельга разглядзець ніводнага бюлетэня. І вось цяпер фіксацыя гэтых філейных частак можа застацца ў мінулым.
Старшынька ЦВК Лідзія Ярмошына разглядае магчымасць, каб забараніць на выбарчых участках журналістам здымаць з любога месца. Калі падобнае ўвядуць, то толькі старшыня камісіі будзе вызначаць, з якога месца можна здымаць. У нашым выпадку гэта будзе азначаць, што месца будзе вызначанае самае найгоршае.
Калі старшыням выбарчых камісіяў дазволяць вызначаць для журналістаў месцы, адкуль здымаць, то што гэта будуць за месцы. Відаць, такія, адкуль будуць бачныя толькі ногі сябраў выбарчых камісій. Пятыя кропкі дакладна не дазволяць фатаграфаваць. Альбо выганяць увогуле ў калідор, каб журналісты здымалі адтуль толькі праз адчыненыя дзверы. У любым разе, калі прапанова Лідзіі Ярмошынай стане рэальнай, то лягчэй працаваць журналістам дакладна не будзе. Не дзеля таго збіраюцца забараніць журналістам здымаць з любога месца.