Пра разбуральную ўладу інфаспецназавак



У Беларусі скасавалі сацыяльную рэкламу супраць гвалту над дзецьмі. Цяпер у разе патрэбы хтосьці не даведавецца тэлефон гарачай лініі, які з’яўляўся падчас рэкламы. А ўсё таму, што адна вельмі пільная грамадзянка, якую называюць інфаспецназаўкай, напісала зварот з патрабаваннем закрыць дадзеную рэкламу. Яна прапанавала нешта ўзамен? Не! Яна проста запатрабавала, бо ролік калісьці фінансаваў USAID. А генеральны дырэктар “Белтэлекам” нават пабаяўся нешта супраць сказаць. То бок у краіне цяпер камандуюць вось такія інфаспецназаўкі, якія нічога не прапаноўваюць узамен стваральнага, а толькі патрабуюць забараніць, бо гэта не ўпісваецца ў іх светаўспрыманне. То бок, калі ў наступны раз такая інфаспецназаўка запатрабуе забараніць кіно, бо яго прыдумалі французы браты Люмьер (а Францыя, як вядома – гэта частка “калектыўнага варожага Захаду”), то генеральны дырэктар “Белтэлекам” адменіць усё кіно? 

Цікава, а калі гэтая інфаспецназаўка, якая запатрабавала забараніць рэкламу супраць гвалту над дзецьмі, звернецца ў бібліятэкі. О, там увогуле столькі літаратуры, якая падасца ёй варожай. Няўжо з бібліятэк прыбяруць гэтыя кнігі? Калісьці і дзесьці свет гэта ўжо праходзіў. Калісьці былі такія ўжо інфаспецназаўкі, якія патрабавалі штосьці забараніць. І розныя гендырэктары і дырэктары баяліся ім штосьці супраць сказаць. На жаль, заканчвалася гэта зусім не хэпі эндам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ