Пра рэферэндум без Ярмошынай



Вось дзіўныя людзі гэтыя швейцарцы. Яны што не маглі правесці рэферэндум, як трэба? Ну, узялі б для кансультацыі Лідзію Міхайлаўну. Тады б былі вынікі, якія патрэбныя. А так: ажно 53% выбарцаў, паводле экзітполаў, выказаліся на рэферэндуме супраць прапанаванай парламентам пенсійнай рэформы. А вось была б Лідзія Ярмошына, дык як мінімум 70% выбарцаў падтрымалі б змены ў пенсійным заканадаўстве.

А вось у Беларусі змены ў пенсійнае заканадаўства ні з кім не абмяркоўвалі. Проста ў адзін дзень узялі і абвясцілі, што ў краіне кепскія справы, а таму працуйце болей. І цяпер беларускія мужчыны выходзяць на пенсію не ў 60, а ў 63. І жанчыны не ў 55, а ў 58. Аднак узрост не гарантуе вам пенсіі ў Беларусі. Тут патрэбны яшчэ і адпаведны пенсійны стаж. Калі яго няма, то давядзецца працаваць і да 65. А вось швейцарцы прагаласавалі супраць падвышэння пенсійнага ўзросту з 64 да 65. А яшчэ супраць падвышэння падатку на дададзены кошт з 8 да 8,5%. Гэта пры тым, што ў нас ільготная стаўка ПДК складае 10%, то бок болей, чым у Швейцарыі звычайная. А звычайная ў нас увогуле 20%. Затое мы на рэферэндумах галасуем правільна – то бок за ўсе прапановы ўладаў. Скажуць у нас 30% падатку на даданы кошт плаціць і падвысіць пенсійны ўзрост да 70 год, усе паслухаюцца і на рэферэндуме прагаласуюць за ўсе 90%. А можа, так і трэба?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ