Пра рэжысёра тэатра рускай арміі



Вось вы чулі раней пра Цэнтральны тэатр расейскай арміі? Я, напрыклад, не. Вікіпедыя паведамляе, што рашэнне аб ягоным утварэнні прыняло ў 1929 годзе палітупраўленне Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. А яшчэ, што будынак пабудаваны ў форме пяціканцовай зоркі. Не ведаю, наколькі такая форма зручная для тэатра, аднак ідэалогію перадае выдатна. У 2015 годзе там, з нагоды 85-годдзя, адбыўся канцэрт з удзелам Газманава, якому забаранілі ўезд на тэрыторыю Украіны, Ансамбля песні і пляскі расейскай арміі і Валерыі, якой забаранілі ўезд у Латвію. Карацей, выдатная кампанія сабралася там з нагоды юбілею. Пасля такога наведваць тэатр у форме пяціканцовай зоркі не вельмі хочацца. І вось у 2022 годзе галоўным рэжысёрам Цэнтральнага тэатра расейскай арміі прапанавалі сербскаму кінарэжысёру Эміру Кустурыцы. І ён пагадзіўся. Пасля прызнання Крамлём ДНР і ЛНР выраз галоўрэж Эмір Кустурыца Цэнтральнага тэатра расейскай арміі гучыць, як нейкі сюр. Такое адчуванне, што сербскі рэжысёр вырашыў фільм зняць, толькі ў ралях – жывыя людзі, а не акторы.

Увогуле, калі прачытала, што Эмір Кустурыца стане галоўным рэжысёрам Цэнтральнага тэатра рускай арміі, то падумала, што гэта чыйсьці жарт. Ну, не з Газманавым жа яму цепер у гурце The No Smoking Orchestra выступаць. Аднак потым убачыла ў некалькіх СМІ паведамленне, што Кустурыца будзе рэжысёрам Цэнтральнага тэатра рускай арміі. І зразумела, што не жарт. Хаця, чаго яшчэ чакаць ад Кустурыцы, калі ён выступаў за будаўніцтва галоўнага храма Узброеных сіл Расеі. Дарэчы, яму таксама забаронены ўезд ва Украіну. Так што, глядзіш, хутка будзе Кустурыца разам з Валерыяй і Газманавым спяваць на сцэне Цэнтральнага тэатра расейскай арміі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ