Пра сакрэтную статыстыку



Як той казаў, а ці быў хлопчык. Міністэрства аховы здароўя выдаліла са свайго сайта статыстычны зборнік, у якім прадастаўляліся дадзеныя памерлых у больніцах. Быў зборнік і раптам знік. А ўсё таму што ў ім знайшлі, што ў 2020 годзе ў больніцах памірала болей людзей, чым у 2019. Вось хто бы мог падумаць, што статыстыка смерцяў стане такой таямніцай. Такое адчуванне, што гаворка вядзецца пра мапу скарбаў золата інкаў, а не пра статыстычны зборнік. Іспанскія канкістадоры проста нервова кураць люльку ў баку.

Як вы памятаеце, у 2020 годзе ўлады заяўлялі, што пандэмія каронавірусу ў іх пад кантролем. А Міністэрства аховы здароўя падавала дзіўную статыстыку хворых і памерлых. І тут раптам з’яўляецца зборнік, з якога можна вызначыць, што ў 2020 годзе памерла 56832 чалавекі ў больніцах. А ў 2019 — 40 845. То бок у перыяд пандэміі памерла на 40% пацыентаў болей, чым у звычайны год. У прынцыпе, гэта лагічна, што ў пандэмію памірае болей людзей. Іншыя краіны тут не выключэнне. І амаль ніхто таямніцы з колькасці памерлых не робіць. І толькі ў нашай краіне ахоўваюць гэта як дыямент. Вось чаму нельга даведацца колькасць тых, хто памёр у больніцы падчас пандэміі? Навошта хаваць гэтую інфармацыю? Ці ў нас цяпер любая інфармацыя – гэта таямніца пад сямю пячаткамі?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ