Пра самую складаную мову
Паводле дадзеных Інстытута дыпламатычнай службы дзярждэпартаменту ЗША, самымі складанымі мовамі ў свеце з’яўляюцца арабская, кітайская і японская. А таксама туюка – мова усходняй Амазоніі, наваха – мова індзейцаў народу наваха, і мова баскаў, на якой размаўляюць у паўночных абласцях Гішпаніі. Падавалася б, для прадстаўнікоў славянскай групы гэтыя мовы таксама будуць самымі складанымі. Аднак, калі паглядзець на некаторых гасцей з усходу, то самай складанай мовай з’яўляецца беларуская.
Той, хто размаўляе ў Беларусі штодня па-беларуску не раз сутыкаўся з сітуацыяй, калі ў маршрутцы на запыт “спыніце на наступным прыпынку”, можна атрымаць адказ: “Што?”. Такое ж пытанне ўзнікае ў кавярні на просьбу прынесці рахунак. Ну, а ў паліклініцы і бібліятэцы беларускамоўным увогуле могуць сказаць: “Разговарівайте на нормальном языке”. З якога дубу беларуская мова патрапіла ў спіс ненармальных і якія крытэры гэтай ненармальнасці – не зразумела.
У Беларусі, калі вы размаўляеце па-беларуску, то на вас часта глядзяць як на іншапланетнікаў. Ну, альбо на дыназаўраў. “Сталіцу наведаюць дагістарычныя істоты – беларускамоўныя. Шоў беларускамоўных парадуе дзяцей і дарослых”. “Знойдзеныя мяккія тканіны беларускамоўных”. “Беларускамоўныя – не продкі птушак: новыя доказы”.
Анекдоты анекдотамі, але часам да беларускай мовы ставяцца непрыхавана па-хамску. Так здарылася з арт-дырэктарам аднаго менскага клуба. Яму патэлефанаваў журналіст “Нашай нівы” і па-беларуску спытаў, у чым сэнс мерапрыемства пад назвай “Быць рускім модна”. На што атрымаў адказ: “Я ні слова не понял, что вы мне сказалі”. А на заўвагу, што той знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, заявіў: “Какая разніца, где я нахожусь”. Сапраўды, знаходзіцца арт-дырэктар гэтай кавярні ў ЗША, значыцца ўсе мусяць размаўляць па-руску. У Эстоніі – таксама па-руску. І ў Гішпаніі – па-рускі. Бо чалавек з Расіі прыехаў. А ўвогуле, мы ж забыліся: беларуская мова – яна ж такая складаная. Проста як туюка і наваха разам узятыя.