Пра сапраўдныя сімвалы



Ну, не змагла я, не змагла. – Так гаварыла кабыла ў барадатым анекдоце пра старую клячу, якая абяцала мужыку перамагчы на скачках, але прыйшла апошняй. Так прыкладна і з акцыямі адной вядомай праўладнай арганізацыі. Спачатку паспрабавалі правесці акцыю з заклікам публікаваць у сацсетках чырвона-зялёныя сцягі з хаштэгам #сімволымоейстраны. Аднак не змаглі. Беларусы завалілі іх фотаздымкамі з зусім іншым сцягам – бел-чырвона-белым. І з гербам “Пагоняй”. Цяпер спрабуюць запусціць акцыю з новым хаштэгам #роднаенароднае і зноў заклікаюць размяшчаць афіцыйныя сімвалы. Ну, вы зразумелі, як будзе праходзіць акцыя і гэтым разам.

А ўвогуле, колькі хаштэгі не змяняй, а беларусы з сімволікай ужо вызначыліся. І яна далёка не тая, што прапаноўвае адна праўладная арганізацыя. І колькі не прапаноўвай хаштэгі, а любоў імі не заваююеш. Можа быць, праўладная арганізацыя думае, што ад таго, што паставіш новы хэштэг, то запрацуе эканоміка, вернецца давер грамадства і наладзяцца стасункі з суседзямі. Аднак, як гучыць адно матэматычнае правіла, ад перастаноўкі месцаў складнікаў сума не змяняецца. Можна прыдумаць з дзясятак хаштэгаў, а грамадства ўсё роўна са сваімі сімваламі вызначылася.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ