Пра “савок і мінулае”
У Менску адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Сучаснасць і будучыня”. Хаця, падаецца, яму б болей пасавала назва “Савок і мінулае”. Бо падчас мерапрыемства больш за 400 школьнікаў прынялі ў акцябраты і піянеры. Вы толькі ўявіце: як мінімум 400 чалавек бацькоў далі згоду на тое, каб іхнія дзеці ўступілі ў нафталінавыя арганізацыі.Так і хочацца на гэта адказаць што-небудзь у стылі Фаіны Ранеўскай.
На 400 піянераў і акцябрат у сталіцы стала болей. З гэтай нагоды другакласнікам нават падаравалі значыкі. Цікава, ці ведаюць гэтыя школьнікі, хто такі Ульянаў? Ці проста думаць, што гэта нейкі там дзяцька, помнікі якому чамусьці паўсюль у Беларусі стаяць. Разам з тымі значыкамі трэба было яшчэ і па кнізе Бонч-Бруевіча падараваць: няхай бы беларускія школьнікі чыталі, як Валодзя Ленін скакаў разам з катом Васькам. А ўвогуле гэта так сучасна, калі ва ўсіх нармальных краінах савецкія сімвалы забараняюць, а ў нас наадварот вяртаюць. І не проста вяртаюць, але і распаўсюджваюць сярод дзяцей. Гэта вельмі сучасна. А галоўнае, у гэтым будучыня. Тая будучыня, калі нарэшце настане камунізм, пра які яшчэ нашым бацькам распавядалі казкі ў школах некалькі дзесяцігоддзяў таму. Вось толькі надзенуць дзеці значок акцябронка ды павяжуць піянерскі гальштук – і адразу апынуцца ў шчаслівай будучыні, дзе марозіва будуць кожны дзень бясплатана раздаваць.