Пра шматпакутную капусту



Не толькі беларусаў не выпускаюць з Беларусі. Цяпер пад забарону на выезд патрапілі капуста, яблыкі і цыбуля.

Вось падавалася, капуста – адзін з самых танных прадуктаў. Прынамсі, са школьнай праграмы ўзгадваю, як у творы Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” сімвалам беднасці з’яўляўся пах капусты. І як бы здзівіўся Фёдар Міхайлавіч, калі б даведаўся, што праз якія два стагоддзі, капуста стане такім каштоўным прадуктам, што яе забароняць нават вывозіць. Маўляў, у суседніх краінах цэны на яблыкі, капусту і цыбулю растуць. І каб не было некантралявага вывазу гэтай гародніны, то ўвялі ліцэнзаванне на гэтыя прадукты. Гэта ж колькі год узімку можна было знайсці толькі польскія яблыкі ў беларускіх крамах, а сёлета раптам усё наадварот? Не яны да нас, а мы да іх? Бедныя еўрапейцы, не змогуць сёлета наесціся капустай з цыбуляй і яблыкамі. Цяпер, калі хочаш вывезці кілаграм яблык з Беларусі, то афармляй на іх ліцэнзію. І зроблена гэта, як заўжды, каб пакапаціцца пра беларускі народ. Дзякуй, улады Беларусі, калі б не вы, то былі б у нас катлеты без цыбулі, пірагі без яблык і галубцы без капусты. Але цяпер мы можам спаць спакойна. Ніводны качан капусты не перасячэ нашую дзяржаўную мяжу без ліцэнзіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ