Шматпакутныя беларускія джынсы



Такое адчуванне, што “Беллегрпрам” выношвае ідэю стварэння тканіны новага пакалення, а не джынсы. У траўні 2016 года канцэрн заявіў журналістам, што рыхтуе джынсы для гурманаў. І вось адно лета прайшло, другое, “а воз і цяпер там”. Джынсаў гурманы так і не пабачылі. Хутчэй NASA адправіць экспедыцыю на Марс, чым “Беллегрпрам” прадаставіць у масавую вытворчасць беларускія джынсы.

Самае цікавае, што ў 2016 годзе мода была адна, а вось у 2017 годзе, не кажучы пра 2018-ы, будзе зусім іншая. І тут пытанне: паводле лякалаў якога года “Беллегпрам” пашые нам джынсы. Нешта падказвае, што з такой хуткасцю беларускія джынсы будуць узору 2016 года. Хаця, калі лічыць, што цяпер у модзе 1990-я, то праз гадоў 27 мода вернецца. За гэты час беларускія джынсы для гурманаў дакладна з’явяцца ў крамах.

А ўвогуле, не зразумела, для чаго было вынаходзіць некалькі гадоў беларускі джынс, калі яго даўно ўжо прыдумалі: у стагоддзі ХІХ. Аднак “Беллегпрам” лёгкіх шляхоў не шукае. І вось амаль гатовая тканіна, якая ўяўляе сабой сумесь ільну, бавоўны і адмысловых апрацовак. Чамусьці гэтую тканіну назвалі джынсам, хаця джынс – гэта менавіта 100% бавоўны. А самае цікавае, цана беларускіх джынсаў 100 рублёў! Улічваючы, што многія беларусы зарабляюць 300 рублёў, то наўрад ці яны будуць аддаваць 50 даляраў за беларускі цуд. Хаця, хто перашкодзіць увесці ў якасці абавязковай формы для настаўнікаў і працаўнікоў беларускія джынсы. Купляйце беларускае!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ