Пра скрадзеныя 72 тоны



У Расеі скралі вайсковы комплекс “Панцыр” вагой у 72 тоны. Адразу пасля гэтага паведамлення ўзнікае некалькі пытанняў? Як можна скрасці нешта вайсковае, калі многія грамадзяне суседняй краіны так хвалююцца, што пад бокам актывізуецца NATA? Тым болей, вайсковы комплекс з’яўляецца абарончай часткай зенітна-ракетнага комплексу. Ды там усё грамадства мусіла несці варту на валанцёрскіх пачатках, каб з “Панцырам” нічога не здарылася, каб не прапусціць ворагаў з краін NATA.

А потым узнікае пытанне: як можна скрасці 72 тоны і каб ніхто не заўважыў? Гэта ж не кілаграм і нават не дзесяць, каб можна было дзесьці схаваць у кішэню. Гэта ж 72 тоны! Як паведамляе прэс-служба судоў Пецярбурга, комплекс здалі ў арэнду прыватнай фірме, але потым яго на тэрыторыі фірмы не знайшлі. Начальніца склада вайскова-тэхнічнай маёмасці гаворыць, што правяраць наяўнасць 72-тоннага вайсковага комплексу не было магчымасці, бо знаходзіўся далёка ад месца службы. А ў аховы прыватнай фірмы не было магчымасці забяспечыць аховы вайсковага комплексу. І самае цікавае, “Панцыр” дагэтуль шукаюць. Падумаеш, што там скрасці і схаваць 72 тонны! Хаця чаго здзіўляцца. Два гады таму ў Расеі, у Мурманскай вобласці, скралі 56-тонны чыгуначны мост праз раку. А напрыканцы 2020-га ў Расеі скралі абсталяванне з борта аднаго з самых засакрэчаных самалётаў у Расеі, які мусіць выкарыстоўвацца для кіравання войскам на выпадак ядзернай вайны. А нядаўна з музея Узброеных сіл РФ скралі 400 экспанатаў на суму больш за 160 тысяч даляраў. А ў сакавіку гэтага года з касмадрома Байканур скралі сакрэтную электроніку. Пасля гэтага здзіўляцца, што скралі вайсковы комплекс, не выпадае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ