Пра соль як антыпрапаганду
Буйная соль у сіняй ці чырвонай кардоннай пачцы з надпісам “Сіль” – вось, што не дае беларусам паверыць у расейскую прапаганду. А дакладней, адсутнасць гэтай солі ў крамах. Прачытала ў фрэндсужцы ў фэйсбуку, што беларусы праклінаюць Пуціна, беларускія ўлады і вайну. І гэта нягледзячы на тое, што тэлевізар паказвае зусім іншае: пра спецаперацыю, мірнае неба і клапатлівых кіраўнікоў Расіі і Беларусі. Аднак беларусы ў гэта не вераць, бо солі ўкраінскай няма. Што беларусам завярэнні розных беларускіх міністраў, калі з крамаў знікла соль з беларускіх крамаў. Тая соль, з якой і сала можна было засаліць, і гуркі закатаць. Соль, а дакладней сіль набывалі і ўзімку, і ўлетку. З ёй варылі супы, закатвалі салаты ці памідоры і салілі сала. Беларуская соль пры ўсёй наяўнасці рэкламы “Купляйце беларускае” на гэтую роль падыходзіць мала. І занадта дробная. І цяжка зразумець, колькі яе трэба. Так што, колькі б улады Беларусі не запэўнівалі, што ўсё ў парадку, а беларусы гэтаму не вераць. Бо калі ўсё ў парадку, то куды знікла ўкраінская соль з беларускіх крамаў? Яе знікненне – гэта яшчэ горш за цяжкасці з набыццём валюты. Гэта без долараў пражыць можна. А вось без солі — цяжкавата.