Пра сонечную, але галодную Русь
Падаецца спайсы — як, у прынцыпе, і іншыя наркотыкі — на постсавецкай прасторы забароненыя. У тым ліку, і ў Расеі. Але калі паслухаеш выказванні некаторых грамадзян суседняй краіны, узнікае пытанне: „Што ўжывалі гэтыя паважаныя асобы?”.
Гэтым разам адпальваў Міхаіл Задорнаў. Тыя, хто заспеў дзевяностыя ў свядомасці, памятаюць ягоныя аднастайныя жарцікі пра тупых амерыканцаў і разумных расейцаў. Прайшло больш за два дзесяцігоддзі, а досціпы ў Задорнава не змяняюцца. Выступаў значыцца, Задорнаў непадалёк ад Беларусі: у Смаленску. Падчас выступу закрануў тэму патрыятузму. Як жа без яго?! З шэрагу, не трэба нам розныя еўропы, мы самі пражывем, бо мы богам абраны народ. Прычым богам яшчэ дахрысціянскім. Задорнаў так і сказаў: „мы славяне — мы сонечныя. Намі апякуецца Сонца”.
На думку Задорнава, славяне заслужылі вайну, бо сталі жыць у свеце спажывання. А трэба падціснуць паясы і меней жэрці. Задорнаў — як той літаратурны персанаж, які заклікаў таксама меней жэрці, а сам па начох мёд лыжкамі за абедзьве шчакі пёр. У Міхаіла Задорнава ў той жа Юрмале дача, дзе ён любіць восень праводзіць. Чамусьці ён мае дачу на Захадзе, якім, паводле ягоных словаў, авалодалі сілы ночы. Чамусьці не ў сонечным Варонежы, а менавіта на варожым Захадзе. То бок сабе дачы і адпачынак у Еўропе, а лохам — аповеды пра тое, як добра жывуць настаўнікі ў Сібіры, паколькі не ядуць фуа-гра. А Задорнаў сам у гэтых настаўнік спытаў? Можа, яны толькі і мараць пра тое, каб паспрабаваць гэты французскі дэлікатэс. Можа, ім надакучылі сардэлкі з 5% утрыманнем мяса. Але Задорнаў упарта заклікае меней жэрці. То бок, па-сутнасці, працягваць харчавацца гэтымі атрутнымі сардэлькамі. Маўляў, ачысціцца трэба. Бо ідзе на Расею Адраджэнне. Толькі чаму людзі ў гэтым Адраджэнні мусяць быць галоднымі — незразумела.