Пра спаборніцтвы ў транспарце



На старт, увага, руш! Хутка праезд у менскіх аўтобусах будзе нагадваць спаборніцтвы. Той, хто прайграў, будзе пакараны штрафам. А ўсё таму, што кіраўніцтва “Менсктранса” вырашыла змагацца з “зайцамі” арыгінальным чынам. Цяпер, праз 15 секунд пасля таго, як зачыняюцца дзверы, кампосцеры будуць блакавацца. Усё, сыйдзе ў мінулае выраз: “Прабейце, калі ласка, талончык”. 15 секунд пойдзе толькі на тое, каб праслухаць гэты выраз. А горш за ўсіх давядзецца старым людзям і інвалідам. Кіраўніцтва “Менсктранса”, відаць, не падумала, што ў аўтобусе, напрыклад, невідушчыя могуць ехаць, якія наўрад ці змогуць за 15 секунд аплаціць праезд. А што казаць пра старых людзей, якія таксама часта рухаюцца павольна. Тое ж датычыць і маці з дзецьмі, якія заходзяць у салон транспарту з вазкамі. Пакуль яны той вазок паставяць, пакуль папросяць кагосьці аплаціць праезд, то пройдзе не 15, а 40 секунд. Вось і будуць зайцамі ездзіць інваліды, старыя людзі ці маці з вазкамі. Карацей, выдатная ініцыятыва “Менсктранса”. Можна сказаць, сацыяльная. Называецца, як з сацыяльна неабароненых людзей узяць штраф.

У Эстоніі, напрыклад, увялі бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Па-першае, такім чынам эстонскія ўлады спрабуюць знізіць колькасць выкарыстання легкавым транспартам. А па-другое, разлічваюць спыніць сыход сельскага насельніцтва ў гарады. А вось мінскія ўлады наадварот робяць усё, каб людзі як мага меней карысталіся грамадскім транспартам. Праз 15 секунд блакіраваць кампосцеры – гэта той яшчэ стрэс для пасажыраў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ