Пра спакойны сон Шуневіча



Не ў тую эпоху нарадзіўся цяперашні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Кашмар, распусціліся ўсе: інтэрнэт, гаджэты і іншыя напасці. Ніякага кантролю. Іншая справа, савецкія часы: там усё сілавыя ведамствы кантралявалі. Нават цырульні і лазні правяралі, каб туды ніхто не патрапіў у свой працоўны час. А цяпер што? Чалавек сядзіць на працоўным месцы і можа каментаваць дзеянні чыноўнікаў ды міліцыянтаў. Непарадак. А для аматара нашэння формы НКУС, якім з’яўляецца Ігар Шуневіч, дык увогуле страшэнны сон на яве.

Аднак пашанцавала Ігару Шуневічу працаваць у Беларусі. Ну, вось жыў бы ён цяпер, напрыклад, у якой Украіне. Што б з ім было? У лепшым выпадку, давялося б яму працаваць сартыроўшчкам пошты ў якім-небудзь аддзеле. І ўсю сваю любоў да НКУС хаваць у думках. Іншая справа – Беларусь. Тут і ў форме пахадзіць можна. І выказацца за ўвядзенне дадатковага кантролю над грамадзянамі. Што і зрабіў Ігар Шуневіч. У прыватнасці, ён выказаўся наконт прапановы абавязковай аўтарызацыі грамадзян на інтэрнэт-форумах. Зразумела, аматар НКУС гэтую ініцыятыву падтрымаў. На ягоную думку, аўтарызацыя дысцыплінуе карыстальнікаў Інтэрнэту, бо на дадзены момант гэта сфера безадказных паводзінаў. Сапраўды, як гэта кожны ахвотны можа напісаць, што думае пра Ігара Шуневіча і пра структуру, якую ён узначальвае. І гэтаму чалавеку за гэта нічога не будзе. А ўвядуць абавязковую аўтарызацую, то інтэрнэт-карыстальнікі ўжо будуць думаць, каментаваць ці не. Вось жыў бы стваральнік фэйсбуку Марк Цукерберг у Беларусі, то ягоная ініцыятыва скончылася б на этапе якой-небудзь аўтарызацыі, за ўвядзенне якой выступае Ігар Шуневіч. І жылі б мы цяпер з вамі без Фэйсбуку. Затое Ігар Шуневіч спаў бы спакойна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ