Пра спрадвечнае свята



Нашыя продкі вельмі бы здзівіліся, каб дазналіся, што ў будучым на нашай тэрыторыі будзе праходзіць фестываль кавуна. Гэта ж, канешне, акурат, нашая спрадвечная ягада. У Гомелі пройдзе фестываль кавуна. І пройдзе гэты фестываль у дзень нараджэння горада. Ага, радзімічы, якія жылі ў IX-X стагоддзі ў басейне ракі Сож, былі вялікімі аматармі кавуноў. Памідораў яшчэ не было на нашай тэрыторыі, а вось кавуны ўжо ва ўсю вырошчваліся. Радзімічы, відаць, як тыя старажытныя егіпцяне, клалі кавуны ў могілкі для замагільнага свету. Праўда, у Заходнюю Еўропу кавуны трапляюць падчас крыжовых паходаў. А для народу кавун увогуле стаў дасяжны толькі ў 19 стагоддзі. Аднак гэта ўсё няважна. Трэба ж нешта ў дзень горада рабіць. А кавун – гэта нейтральна. І ніхто не прычэпіцца, што нешта забароенае ўзгадаў.

Прачытаеш праграму фестываля кавуноў, дык складваецца ўражанне, што Гомель – лідар у свеце па вырошчванні гэтай ягады. На фестывалі — і прэзентацыя апрацоўкі бахчавой культуры, і абмен досведам па вырочшванні. І калі гэта Гомель стаў так актыўна займацца кавунамі! А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым. Гародніны і садавіны шмат існуе на свеце. Можна рабіць свята ківі, фестываль арцішока ці фэст мелотрыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ